«Мы бярэмся за стварэнне праграмы «Прыязны квартал» (па-польску Przyjazne osiedle). Яна прадугледжвае дзяржаўныя інвестыцыі ў мадэрнізацыю буйнапанэльнай жылой забудовы. Гэта датычыцца як мадэрнізацыі жылых дамоў, так і іх ваколіц (паркі, дзіцячыя пляцоўкі, пад'язныя дарогі, аўтастаянкі і г. д.)», – паведаміў прэсавы сакратар ураду Польшчы Пётр Мюлер, якога цытуе партал forsa.pl.
Раней гэту сацыяльную праграму анансаваў прэмʼер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі. «Больш за 8 мільёнаў палякаў жывуць у панэльных жылых кварталах. Уся Польшча павінна быць прыязнай да людзей. Мы не хочам лепшых і горшых раёнаў. Мы хочам, каб жыхары гэтых жылых кварталаў мелі лепшы ўзровень жыцця і добрае жыллё. Мы не хочам падзелу Польшчы на катэгорыі «А» і «Б», – сказаў прэмʼер-міністр.
Сацыяльная праграма Przyjazne osiedle праграма будзе ўключаць у сябе мадэрнізацыю тысяч кварталаў, новую цеплаізаляцыю будынкаў, сучасныя ліфты, паркі і зоны адпачынку для семʼяў.
Адметна, што анонс гэтай ды іншых сацыяльных праграмаў урад «Права і справядлівасці» робіць падчас зацятай перадвыбарчай кампаніі. Сайт forsa.pl нагадвае, што парламенцкія выбары ў Польшчы адбудуцца ўжо 15 кастрычніка.
эж